«ЧО́РНЫ ПЕРАДЗЕ́Л», Партыя сацыялістаў-федэралістаў,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Расіі ў 1879—82. Узнікла ў выніку распаду «Зямлі і волі». Стваральнікі і кіраўнікі: Г.В.Пляханаў, М.Р.Папоў, В.І.Засуліч, В.В.Аптэкман, Я.В.Стафановіч, Л.Р.Дэйч, П.Б.Аксельрод, А.П.Буланаў, В.М.Ігнатаў і інш. «Ч.п.» адмаўляў прынцып цэнтралізму і складаўся з незалежных гурткоў у Пецярбургу, Маскве, Харкаве, Мінску, Казані, Адэсе, Кіеве, Пермі і інш. Ролю цэнтра адыгрывала найб. моцная Пецярб. арг-цыя (яе членам быў А.В.Бонч-Асмалоўскі). Ідэйную платформу напачатку вызначалі праграма і тактыка «Зямлі і волі», яе дэвіз — «усё для народа, усё сіламі народа». Задачы арг-цыі: падрыхтоўка нар. рэвалюцыі шляхам прапаганды сацыяліст. ідэй і разгортвання эканам. барацьбы, каб змяніць дзярж. лад Расіі, перадаць зямлю сялянам на аснове ўраўняльнага падзелу («чорнага перадзелу»), фабрыкі і заводы — рабочым; пераход да сацыялізму («поўнага калектывізму»). «Ч.п.» адмоўна ставіўся да паліт. барацьбы, у пач. 1880 прызнаў мэтазгоднасць паліт. тэрору як сродку барацьбы супраць самадзяржаўя, аднак не лічыў яго першачарговай задачай. Прапагандаваў федэратыўны прынцып паліт. арг-цыі народа, выступаў за аўтаномію нац. раёнаў, у т. л. Беларусі. Гал. рухальнай сілай рэвалюцыі лічыў сялянства, але працаваў пераважна сярод рабочых, студэнтаў, навучэнцаў і вайскоўцаў. Друкаваныя выданні: газ. «Черный передел» і «Зерно». Крызіс народніцкай ідэалогіі, паліцэйскія праследаванні прывялі «Ч.п.» да распаду. Частка яго членаў (Пляханаў, Засуліч, Дэйч і інш.) перайшла на пазіцыі марксізму (гл. «Вызваленне працы»).
На Беларусі групы чорнаперадзельцаў склаліся ў Мінску (Л.М.Насовіч, К.В. і Р.В. Парфіяновічы, С.Ляўкоў, І.Гецаў, С.Грынфест) і Гродне (М.Янчэўскі, Я.Грынкевіч, І.А.Гурвіч і інш.). Яны вялі прапаганду сярод насельніцтва, памагалі вызваляць паліт. вязняў, забяспечвалі дакументамі і перапраўлялі праз граніцу рэвалюцыянераў. У мінскай друкарні «Ч.п.» ў 1881 надрукаваны № 3—5 газ. «Черный передел», № 3—6 газ. «Зерно» і 5 пракламацый. У 1882 мясц. групы «Ч.п.» распаліся.
М.В.Біч.
т. 17, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)